Monday, March 15, 2010

Заява групы «Нёман без ГЭС!» наконт спробаў фальсіфікацыі грамадскіх слуханняў па Нямноўскай ГЭС

10 сакавіка ў 17:00 у актавай залі «Гроднаэнерга» (г.Гродна) праводзілася мерапрыемста, якое самі прадстаўнікі «Гроднаэнерга» называлі грамадскімі слуханнямі па абгрунтаванні інвестыцый у праект Нямноўскай ГЭС.

Група «Нёман без ГЭС!» заяўляе, што гэтае марапрыемства было праведзенае са шматлікімі парушэннямі, таму не можа лічыцца грамадскімі слуханнямі.

Па-першае, паводле дзейнага заканадаўства, правядзенне грамадскіх слуханняў не можа быць праведзена раней, чым праз 30 дзён пасля публікацыі Заявы аб магчымым уздзеянні планаванай дзейнасці на навакольнае асяроддзе (далей Заявы). Заява была апублікаваная 18 лютага, г.зн. між публікацыяй і мерапрыемствам прайшло толькі 20 дзён. Больш за тое, у апублікаваным тэксце Заявы адсутнічаюць два істотныя пункты: апісанне працэдуры грамадскіх слуханняў і апісанне меркаванага парадку ўзгаднення матэрыялаў з зацікаўленымі дзяржорганамі. Аднаго гэтага пункту дастаткова, каб не прызнаваць мерапрыемства, праведзенае энергетыкамі, грамадскімі слуханнямі.

Па-другое, паведамленне аб пачатку слуханняў можа адбывацца трыма спосабамі: публікацыяй у СМІ Заявы, выдання і распаўсюду інфааркушаў і бюлетэняў, і прамога паведамлення праз паштовыя рассылкі і электронных камунікацый. Ці можна лічыць сайты Мінпрыроды і абласнога камітэту прыродных рэсурсаў паўнавартаснымі СМІ? У «сапраўдных» СМІ, такіх як «Советская Белоруссия» ці «Народная газета»,
у публікацыях пра Нямноўскую ГЭС прысутнічала інфармацыя агульнага плану кшталту «праводзяцца слуханні», без указання канкрэтнага часу і месца правядзення, на сайце «Вечернего Гродно» час публікацыі навіны пра слуханні — 10 сакавіка 12:29, своечасова, што не кажыце. На тэлеканале «Лад» абвестка прагучала 9 сакавіка. Удзельніку мерапрыемства, які запытаўся дзе і калі за 30 дзён да «слуханняў» былі зроблены адпаведныя публікацыі, прадстаўнікі «Гроднаэнерга» так і не смаглі прадаставіць ніводнай газеты, якая б пацвердзіла іхныя словы.

Па-трэцяе, пры правядзенні мерапрыемства быў парушаны парадак правядзення слуханняў, у прыватнасці не вёўся пратакол.

Па-чацвёртае, правядзенне мясцовых слуханняў ніяк не можа рэгламентавацца канвенцыяй ЭСПА (канвенцыяй аб трансгранічным уздзеянні), для гэтага ёсць Архуская канвэнцыя. Але публіцы былі прадастаўленыя тыя ж даклады, што і на літоўскіх слуханнях у канцы мінулага году. Тое, што дакладчыкі нават не падрыхтавалі правільнага дакладу, а ўзялі тое, што трапілася пад руку, не пакідае ніякага сумневу, што гэтыя «слуханні» праводзіліся фармальна, дзеля «птушачкі».

Па-пятае, нельга лічыць, праведзенае мерапрыемста грамадскімі слуханнямі, калі на ім прысутнічала толькі 30 чалавек (без уліку журналістаў), з іх толькі 4-5 чалавек не з'яўляліся супрацоўнікамі «Гроднаэнерга».

І па-шостае, нельга не звярнуць увагу на непрыхаваную хлусню, якая гучала з вуснаў энергетыкаў, а менавіта намесніка галоўнага інжэнера «Гроднаэнерга» Віктара Мікуліча. Вось некалькі прыкладаў. Ён не бычыць праблемы ў тым, што лецішчы ў Куколях могуць апынуцца пад вадой, бо «гэтыя лецішчы незаконныя, занятыя самастойна», хаця прысутная прадстаўніца ўладальнікаў лецішчаў абвергла ягоныя словы, у кожнага ўладальніка на руках усе патрэбныя дакумэнты. Круглы стол, прысвечаны Гродзенскай ГЭС, праведены «Экадомам» у 2005 годзе, у інтэрпрэтацыі Мікуліча стаў грамадскімі слуханнямі, праведзенымі «Гроднаэнерга».

Такім чынам, мы, як прадстаўнікі грамадскасці горада Гродна, зважаючы на шматлікія парушэнні, на абсалютную фармальнасць праведзенага мерапрыемства, заяўляем аб непрызнанні гэтага мерапрыемства законнымі грамадскімі слуханнямі.